Беларусь у вайне — гэта будзе значыць завяршэнне праўлення Лукашэнкі нашмат хутчэй, чым ён разлічвае. Так што аказацца ў такой сітуацыі — вынікае, што пасля ратыфікацыі дамоўленасці пра гарантыі бяспекі яму спатрэбіцца ўзмацняць захады для забеспячэння сваёй персанальнай бяспекі.
Магда: «Лукашэнку спатрэбіцца ўзмацняць захады для забеспячэння сваёй персанальнай бяспекі»
Дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда разважае, як Кіеў успрыме ратыфікацыю дамовы паміж РФ і РБ аб гарантыях бяспекі. І чаму Лукашэнка не жадае ўцягвання Беларусі ў вайну.
Дзярждума РФ паабяцала «ў прыярытэтным парадку» разгледзець законапраект аб ратыфікацыі дамовы паміж Расіяй і Беларуссю аб гарантыях бяспекі ў межах так званай Саюзнай дзяржавы. Нагадаем, паводле яго плануецца сярод іншага размяшчэнне расійскіх ваенных аб’ектаў і вайсковых фармаванняў на тэрыторыі нашай краіны — а дзейнічаць дамова будзе сама меней 10 год.
Як успрымуць гэтае пагадненне ў Кіеве, ці не закрывае яна і без таго мізэрныя шансы Лукашэнкі на аднаўленне стасункаў з украінскімі ўладамі і ці значыць, што рызыка наўпроставага ўступлення Беларусі ў вайну зноў вырасла?
— Я думаю, гэтае рашэнне, канешне, не ўзмоцніць даверу паміж Кіевам і Мінскам, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Але ў кожным разе, гэта частка працэсу стварэння Саюзнай дзяржавы, на якім настойвае Расія, — у ім Лукашэнка не бачыць свайго інтарэсу.
Калі ацэньваць наступствы ратыфікацыі гэтай дамовы, тут найбольшая небяспека не ў стварэнні вайсковых баз (бо такія базы ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі). Відавочна, калі гаворка будзе ісці пра размяшчэнне ядзернай зброі, то будзе ўзмацняцца і расійская вайсковая прысутнасць.
А гэта пагроза не толькі для Украіны, але пагроза для ўсіх краін Балта-Чарнаморскага рэгіёну. І мы сумеснымі намаганнямі павінны, на маю думку, гэтаму супрацьстаяць.
Аднак, паколькі дыпламатычныя стасункі паміж Украінай і Беларуссю ўсё ж захоўваюцца, я ўпэўнены, што Украіна знойдзе спосаб данесці сваю занепакоенасць гэтым крокам, які відавочна ёсць несяброўскім. То бок, гэта не значыць, што дыпламатычныя стасункі будуць разарваныя.
І ўсё ж трэба разумець, што сёння беларуска-ўкраінская мяжа — фактычна лінія фронту, хіба што на ёй не вядуцца баявыя дзеянні: яна мае ўмацаванні, узарваныя масты, замініраваныя шляхі. Таму, на мой погляд, Лукашэнка выразна ўсведамляе, дзе праходзіць мяжа ягоных дамоўленасцяў з Расіяй — а калі не разумее, яму будзе надзвычай складана з гэтым працаваць.
Палітолаг падкрэслівае: беларускі правіцель, што б ні казалі вонкавыя назіральнікі, не зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была наўпростава ўцягнутая ў вайну.
Читайте еще
Избранное